«О́КНА РО́СТА»,

«Окна сатиры РОСТА», агітацыйна-палітычныя сатырычныя плакаты, што ствараліся ў 1919—22 сав. мастакамі і паэтамі, якія працавалі ў сістэме Рас. тэлеграфнага агенцтва (РОСТА). Вызначаліся прастатой і лаканізмам маст. сродкаў, заснаваных пераважна на выразнасці сілуэтаў, яркай расфарбоўцы ў 2—3 колеры, выкарыстанні традыцый лубка, спалучэнні выявы з кароткім, часцей вершаваным тэкстам. Выконваліся і тыражаваліся ў трафарэтнай тэхніцы (да 150 экз.) у Маскве (І.Малюцін, Дз.Маор, У.Маякоўскі, М.Чарамных), Петраградзе (Л.Брадаты, У.Лебедзеў, А.Радакоў) і інш. гарадах Расіі, на Украіне (Б.Яфімаў), у Баку і інш. На Беларусі «О.Р.» выпускалі ў Віцебску і Гомелі.

Да арт. «Окна РОСТА» У.Маякоўскі. Вораг апошні гатовы. 1920.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)